«ЧЫРВО́НЫ СЦЯГ»,
нелегальная газета; орган ЦК КПЗБ. Выдавалася ў 1920—36 напачатку ў Вільні, потым у Мінску. Са жн. 1920 выходзіла легальна на рус. мове пад назвай «Красное знамя» як орган Віленскага к-та КП Літвы і Беларусі, з № 24 (1921) нелегальна — орган Віленскага акр. к-та КП Літвы, з канца 1922 — орган Літ.-Бел. абл. к-та КПРП, з ліст. 1924 — орган ЦК КПЗБ на бел. мове. Перыядычнасць 6—9 разоў на год. Крытыкавала падатковую палітыку польскага ўрада. Заклікала працоўных да барацьбы за іх штодзённыя патрэбы, даказвала, што толькі шляхам рэвалюцыі і ўсталявання ўлады рабочых і сялян можна палепшыць сваё становішча. Прыхільна ставілася да ідэі стварэння адзінага антыфаш. нар. фронту. Выступала ў абарону палітзняволеных. Змагалася за школу на бел. мове. Друкавала матэрыялы. прысвечаныя рэв. датам. Выйшла больш за 120 нумароў.
П.І.Зялінскі.
т. 17, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)